ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. на р. Гарынь у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Узнік на месцы стараж. дзядзінца Давыд-Гарадка. Паводле інвентара 1605 на ўзбраенні замка былі бронзавыя і жалезныя гарматы, марціркі, гакаўніцы, парахаўніцы і інш. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак у вер. 1655 быў узяты рус. войскам. Інвентары Давыд-Гарадка 1670 і 1675 паведамляюць пра існаванне 2 замкаў — Верхняга і Ніжняга, замкі былі абгароджаны дубовым парканам. У час Паўн. вайны 1700—21 яны моцна пацярпелі і паступова страцілі ваен. значэнне.
т. 5, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)